Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Віктар Шніп

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

(31.12.1904--14.04.1939)
На Беларусі вада з
крыві,
палеткі з курганоў і
крыжоў.
Паўлюк
Шукайла

Ні надзейных сяброў, ні гасціннае хаты
У цябе больш у роднай краіне няма.
Ты адзін, як сабака, што ў поле прагнаты,
Дзе на гурбах счарнелых царуе зіма.
І глядзіш ты на свет не вачмі, а слязамі
І не можаш ніяк ты цяпер зразумець,
Што зрабілася гэта сягоння з людзямі
І чаму паўкраіны сядзіць у турме.
А было ж у бабровай баярскае шапцы
І з гадзіннікам, нібы агонь, залатым
Ты хадзіў і зайздросцілі ўсе падшыванцы
І лавілі мядовы паэзіі дым,
У якім ты сам жыў, як матыль жыве ў кветцы,
Што ляжыць на магільнай халоднай пліце…
Снег вадой са страхі, нібы волава, льецца,
Ледзяшом красавіцкім спакойна расце
І становіцца куляй, што трапіць у сэрца,
Каб ты больш не хаваўся, каб болей не жыў
На зямлі, дзе вада з чалавечай крыві,
А палеткі наўкол-- курганы і крыжы…

29.10.2007



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

(?—1629 або 1632)

Нібы з Іерусаліма, з любай Вільні
У мястэчка Любча ты вязеш друкарню
Па дарозе гразкай, па дарозе пыльнай.
Ты вязеш і знаеш, што вязеш не марна,
Бо патрэбны кнігі, як святло ў святліцы,
Кожнаму, хто ў Княстве хоча жыць, як трэба
Дома жыць, дзе Богу верыць і маліцца,
Каб быў хлеб заўсёды і было да хлеба.
І, нібы анёлак, што табе спрыяе,
Белы бусел следам над табою кружыць.
Там, дзе ты праедзеш, салавей спявае,
І цвітуць рамонкі, і не вянуць ружы.
І твая друкарня ў Любчы доўга будзе,
Нібы зніч, што праз гады й стагоддзі
свеціць,
Асвятляць Айчыну ўсім тутэйшым людзям.
Без Айчыны людзі, нібы пыл у вецер,
І таму, як з Іерусаліма, з Вільні
У мястэчка Любча ты вязеш друкарню
Па дарозе слёзнай, па дарозе дымнай...

6.05.2010



Яшчэ не ацэнена

(10.07.1900—1.11.1984)

Мастак—нявольнік вечнай прыгажосці,
Якому аж да смерці без спачыну
Не маляваць партрэты для кагосьці,
А ратаваць славутую Айчыну
Ад той самоты, што людзям не сніцца,
А не дае табе спакойна жыць,
І век табе на родны край маліцца,
Які даўно распяты на крыжы
Дарог Еўропы, па якіх агнёва
Хадзілі заваёўнікі ніраз,
Ды Беларусь жыве, жыве і мова,
Яна, як наша кроў, заўсёды ў нас.
І да цябе, да віленскай майстэрні,
Прыходзяць, як да Храма, мастакі
І прыгажосці беларускай зерне
Ты ў сэрцы рассяваеш на вякі,
І прыгажосць у людзях прарастае,
Якія любяць не сябе, Айчыну.
Айчына не прыгожай не бывае.
Яе любіць да смерці без спачыну.
І ты малюеш, што душа жадае,
За што табе не плацяць ні граша.
Малюеш і душа твая спявае
І плача беларуская душа.

4.10.2008



Яшчэ не ацэнена

(6.06.1912-- 18.10.1991)

На парваных мяшках з-пад цыменту
Ты зялёнкаю пішаш, і ноч
Прад табой, як жалобная стужка,
Што да Божых прыкладзена воч,
Каб не бачыць пакут чалавечых
На чужой і нябоскай зямлі,
Дзе ты ў словах, бы ў сховах у вечных,
Захаваеш зямлю, дзе жылі,
І жывуць беларусы, і волю
І не любяць, і любяць, але ж
Не заменяць яе аніколі
На чужога ўладарства бязмеж.
Сам Міцкевіч з табою гаворыць
І дыктуе, дыктуе табе
Сваіх твораў бяздоннае мора,
Каб і ты не памёр у журбе,
А вярнуўся ў Айчыну, дадому,
І праклёнаў не слаў анікому,
І ў слязіне, нібыта ў расе,
І ў расінцы, нібыта ў слязе,
Бачыў ты цэлы свет, дзе Айчына,
Як ля сцежкі вясною каліна--
Хто ні пойдзе-- ламаюць усе…

11.10.2007