На Беларусі Бог жыве...
Уладзімір Караткевіч
На той зямлі, дзе столькі крыніц,
і ў кожнай — знічка на дне,
Дзе ў кожным камні паданне ёсць,
як маці ў дзіцячым сне,
Дзе кожны ўзгорак — былы курган,
а кожны з прадзедаў — вой,
Жыве стары калгасны пастух
у хатцы сваёй старой.
Таму, напэўна, што ўвесь свой век
глядзеў ён на родны край,
З драўніны бурштынавай дзед зрабіў
не абы-каго — Хрыста.
Звычайнай сякеркай, па вечарох
шчапаў сасновую плоць.
Нязграбны, бедны, шурпаты быў,
але — сапраўдны Гасподзь.
I майстар вочы намаляваў блакітнымі,
быццам лён.
I лёг на жытнія валасы
з калючага дроту цёрн.
Падняўся крыж пасярод сяла
над хатамі паміж дрэў.
I на здзіўлёных сялян
да іх падобны
Хрыстос глядзеў.
Прыйшоў з бліжэйшай царквы святар,
казаў пра кашчунства штось,
Пасля спыніўся ля божых ног,
што цвік прабіваў наскрозь,
Крануў чырвоную фарбу — і
перажагнаўся, пайшоў.
I трызніў, што ён — Няверны Фама,
і з пальцаў не сцерці кроў...
Казалі майстру: «Прымі свой крыж,
страхоцце адно глядзець».
Але — прывыклі. Бо да ўсяго
прывучыш нашых людзей.
«О, фольк! Аўтэнтык!» — замежны пан
Хрыста фатаграфаваў,
Хацеў за даляры купіць — але
і слухаць майстар не стаў.
I ліўся айчынны халодны дождж
на сумны драўляны твар,
I з шыльды змыўся надпіс, што тут
прыбіты юдэйскі цар.
Як воран з могілак — ноч ляціць,
а бусел нясе зару.
I пазірае Хрыстос з крыжа
на бедную Беларусь,
Такі ж гаротны, як і яна,
і плоць ад плоці яе,
У вёсцы паміж крыніц і азёр,
паміж курганоў і дрэў.
Драўляны, каструбаваты — ён
наш бог, наш край і наш лёс.
А значыць — будзе жыць Беларусь,
таму што ў прызначаную пару
сыдзе з крыжа Хрыстос!