Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Станіслаў Валодзька

Яшчэ не ацэнена

Будзь мяккай ёй, зямля,
Будзь неба ёй ласкавым,
З матуляй размаўляў
Я, помню, так яскрава:

– Ну як там Гарбачоў?
– З Фаросу ўжо вярнуўся!

– Малітвы Бог пачуў –
Ад нас не адвярнуўся!

– Пасланы Богам, ён
Нам вызваліў сумленне,
Што некалі ў палон
Узяў антыхрыст Ленін!

– Як цяжка перажыць
Было, калі Саветы
Зусім хацелі зжыць
Усіх святых са свету!

– А колькі знёс абраз –
Мой бацька! –
Во здзівіўся б:
Нібы стары абраз,
Час гэтак аднавіўся!

– Адновіцца яшчэ
Нямала ўсюды храмаў. –

І слёзы тут з вачэй,
Як воск са свечкі,
ў мамы...

1991



Яшчэ не ацэнена

Зноў паклікала нас
Ракуцёўскае лета,
Дзе нас камень сустрэў
Стромкі, як кіпарыс.
Ён не можа маўчаць
Камень праведны гэты, –
Нам гаворыць аб той
Незабыўнай пары.

Зноў паклікала нас
Ракуцёўскае лета,
Дзе Максімаў дамок
Ўдаль глядзіць з-пад рукі,
І сабрала ўсіх нас
У кутку запаведным,
Быццам краскі ў букет,
Бы ў снапок каласкі.

Разышлося паўсюль
Ракуцёўскае лета,
Разлілося віном,
Расцяклося, як мёд.
Нам ізноў ад яго
Круглы год будзе светла,
Будзе сэрцы яно
Саграваць і зімой.

Песня гэтага лета
Агарнула планету.
Песню гэтага лета
Будуць слухаць вякі.
Ў гэтай песні звініць
І крынічка паэта,
І нябёсы звіняць,
Як Максіма радкі...



Сярэдняя: 3.5 (6 галасоў)

Запаліць свечкі ў небе вечар,
Сустрэўшы нас у добры час.
Давай і мы запалім свечкі, –
І адагрэе памяць нас.

І зноў адчуем мы вяснова
Нектару слодыч на губах;
І зноў закружыць нам галовы
Васковых свечак церпкі пах.

І, можа, як часінай шлюбнай,
Яны асветляць нас дваіх.
Давай з табой запалім свечкі, –
Расставім кропкі ўсе над і…

Нам зразумела стане раптам,
Калі сплыве туману дым, –
Што днём з агнём шукаць не варта, –
Чаго не знойдзеш па адным.

Забудзем думаць мы, што Вечнасць
Не зводзіць з нас сваіх вачэй.
Давай з табой запалім свечкі, –
І нас пяшчота апячэ!

Заскачуць сэрцайкі ад шчасця,
Як нашы цені на сцяне,
Калі з табою зорным часам
Запалім свечкі, як у сне…



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Ізноў па радыё “Рамантыкі”
Ў эфіры памяці гучаць.
Я абавязан многім вам, –
такі
Няпросты шлях пасмеў пачаць.

У класе сёмым вельмі ўзрадаваў
Мяне дырэктар:
– Станіслаў,
Чуў, пра цябе казала радыё,
Туды ты штосьці дасылаў.

“Мая любімая прафесія” –
Аб’яўлен конкурс быў, –
і я
За рыфмай рыфму менціў весела –
З гарэзай-музай размаўляў

Аб тым як слаўна быць геолагам:
Сабе вячэру гатаваць,
Пець ля кастра пад зорным полагам,
А потым – скарбы адкрываць...

Так нечакана ўдача першая
Прыйшла
і поспех акрыліў.
І налягаць пачаў на вершы я,
Адчуўшы творчых сіл прыліў...

Душа геолага мне родная:
І я гарнуся да кастроў,
Такі ж рамантык ад прыроды я
Шукаю скарбы,
Скарбы слоў...