Першы снег сыпануў на світанні —
Светлы пух на платах, на траве,
Што сказаць вераб'ю ў спачуванне?
Пастаю, памаўчу —
хай жыве.
Весні гром пракаціўся нясмела —
Быць цяплу, быць святлу, дабраце.
Што сказаць гэтай яблыньцы белай?
Памаўчу і пайду —
хай цвіце.
Спорны дождж над пажоўклаю нівай
Жыту горкую смагу запіць.
Што сказаць мне бярозцы шумлівай?
Падыду, абніму —
хай шуміць.
Ліставей на лугах, на балоце.
Завядання разгул не суняць.
Што сказаць жураўлям пры адлёце?
Пастаю, уздыхну —
хай ляцяць.